ПО́ЛАЦКІ ЛЕ́ТАПІС,
адзін з першых гісторыка-літаратурных твораў, напісаных на бел. землях. Не збярогся, таму час узнікнення, аўтар, змест і характар дакладна не высветлены. Вядомы паводле нешматлікіх прамых і ўскосных звестак у розных пісьмовых крыніцах. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева і інш. вучоных, асобныя ўрыўкі П.л. ёсць у Кіеўскім летапісе, які збярогся ў складзе Іпацьеўскага летапісу (звесткі пра полацкія падзеі 2-й пал. 12 ст.). Найб. значны і цікавы з іх — апавяданне, датаванае 1159 (фактычна 1158), пра вяртанне ў Полацк выгнанага палачанамі кн. Рагвалода Барысавіча, напісанае рукой відавочцы падзей жыва, з яркімі дэталямі, з выкарыстаннем простай мовы. Як сведчыць рас. гісторык В.М.Тацішчаў, у П.л., адным са спісаў якога ён карыстаўся пры напісанні «Гісторыі Расійскай», расказвалася пра полацкіх, віцебскіх, мінскіх і інш. зах.-рус. князёў. Відаць, летапіс быў прысвечаны гісторыі Полацкай зямлі 10—13 ст. Паводле меркаванняў некат. гісторыкаў (А.П.Сапуноў, М.М.Ціхаміраў), сапраўдным урыўкам з П.л. з’яўляецца і т.зв. аповесць пра Святохну, змешчаная пад 1216 у «Гісторыі Расійскай» Тацішчава (т. 3), хаця большасць даследчыкаў прызнае яе літаратурным творам 17—18 ст.
В.А.Чамярыцкі.
т. 12, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)